Заморская Е.И.

Приложение 12
Тлумачальная запіска
Працэс навучання ў сучаснай школе падпарадкаваны задачам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, арыентацыі на практычнае авалоданне мовай.
Пазаўрочная дзейнасць па беларускай мове і літаратуры з’яўляецца адной з састаўных частак вучэбна – выхаваўчага працэсу, служыць агульным мэтам навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Уключэнне вучняў у гэты працэс падтрымлівае цікавасць да мовы і літаратуры як вучэбных прадметаў і як да духоўнага здабытку народа, развівае уменні і навыкі маўленчай камунікацыі, творчыя здольнасці школьнікаў, выхоўвае пашану да роднага слова, уплывае на духоўнае ўзбагачэнне жыцця. З гэтай прычыны і праводзяцца ў школе разнастайныя формы пазаўрочнай дзейнасці.
Прапанаваныя мерапрыемствы ( міні – сачыненне, краязнаўчае падарожжа, творчая работа, вусны часопіс, літаратурна – музычная кампазіцыя, вечарына ) былі распрацаваны з вучнямі і праведзены ў пазаўрочны час. Працуючы з дадатковай літаратурай, падбіраючы неабходны матэрыял, распрацоўваючы сцэнарыі мерапрыемстваў, у час сустрэч з цікавымі людзьмі, выступаючы перад аўдыторыяй, ідзе працэс развіцця і ўдасканалення камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, г. зн. развіваюцца здольнасці, пашыраюцца веды, уменні і навыкі маўленчай камунікацыі. Вучням у практычнай дзейнасці даводзіцца ўсведамляць самабытнасць і непаўторнасць беларускага маўлення, адметнасць яго лексіка – граматычнай сістэмы, і ўсё гэта спрыяе фарміраванню камунікатыўна актыўнай двухмоўнай асобы.
Прадстаўленыя распрцоўкі мерапрыемстваў можна прапанаваць настаўнікам для выкарыстання на ўроках, факультатыўных занятках, у пазаўрочнай дзейнасці.

Вобразная, вольная, пявучая мова беларуская мая

Сцэнарый вечарыны, праведзенай

5 верасня 2015 года

Мэта: развіваць пазнавальную актыўнасць і маўленчую культуру вучняў, іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, камунікатыўныя ўменні і навыкі; выхоўваць пачуццё любові і павагі да беларускай мовы, гонару за слаўную гісторыю, багатую культуру, векавыя традыцыі нашага народа.
Абсталяванне: выказванне на плакаце “ Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў”( У. Караткевіч), тканыя ручнікі, дываны, даматканы настольнік, вышыўкі (памяшканне мае выгляд сялянскай хаты).
Ход мерапрыемства
Гучыць музыка І. Лучанка на верш Я. Купалы “Спадчына”
На фоне музыкі вядучыя чытаюць верш Л. Полазавай “Родная мова”
1 вяд.
Вы паслухайце родную мову :
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў , адценняў у слове !
Як пявуча ліецца – гучыць !
2 вяд.
Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.
1вяд.
То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
То ў госці ласкава запросіць,
То бяседу гасцінна вядзе!
2 вяд.
Паважаныя ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы, мы рады вітаць вас усіх на нашым свяце з паэтычнай назвай “ Вобразная, вольная, пявучая мова беларуская мая”.З вялікім задавальненнем прадстаўляем шаноўных гасцей: старшыня Ваўкавыскага раённага літаратурнага аб’яднання “Муза” Настасся Токарава – Самушчык, ваўкавыская паэтка Марына Бабіч.
1 вяд.
Ляціць над зямлёй сакавітае, мілагучнае беларускае слова. Ляціць праз гады і стагоддзі, праз рэвалюцыі і войны,перажываючы то заняпады , то ўздым. Ляціць ад часоў Францыска Скарыны да часоў Купалы, Коласа, Караткевіча. А з 1994 года ў першыя выхадныя каляндарнай восені роднае слова становіцца ў Беларусі галоўнай нагодай вялікага і прыгожага нацыянальнага свята – Дня беларускага пісьменства і друку.
Сёлета беларускае слова зрабіла святочны прыпынак на блізкай нам шчучынскай зямлі, што дала нашаму народу нямала выдатных людзей, сярод якіх ёсць літаратары і навукоўцы.
У нашай школе ўжо стала добрай традыцыяй у пачатку навучальнага года праводзіць тыдзень беларускага пісьменства і друку. Сёння мы сабраліся, каб паслухаць гасцей, паглядзець выступленне вучняў 10”Б” класа, падвесці вынікі тыдня, узнагародзіць актыўных удзельнікаў і пераможцаў свята.
Выступленне запрошаных гасцей – Н.Токаравай – Самушчык і М. Бабіч.
Выступленне вучняў 10”Б” класа.
2В.
Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе называлі “мужыцкаю” мовай,
А нам жа ты матчынай мовай была (А. Бачыла).
1В.
Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла (А. Пысін).
2В.
О, матчына мова, маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна (А. Бачыла).
Інсцэніроўка ўрыўка з верша Я. Купалы “Сын і маці”
СЫН.
Мамка, мамка, нам сягодня
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.
Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Не люблю іначай),
Ды ніяк не мог уцяміць,
Што ўсё гэта знача.
МАЦІ.
Ды яшчэ каб лепей ведаў,
Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.

СЫН.
Вось яно што! Праўда, мамка,
Ужо табе ўтлумачу:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.
Ну, але яшчэ не ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?
МАЦІ.
Ой, дурненькая варона,
Што з табой чыніці?
Як жа йначай беларусы
Могуць гаманіці?
Як жа мы з табой гутарым
Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?
Ты паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;
Як бабуля бае казкі
Аб нядолі–долі;
Як начлежнікі спяваюць
На начлезе ў полі.
СЫН.
Ну, ужо знаю, мамка!
Як у люстры бачу.
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я дый што значу!
1В. (дзяўчынка)
Ці зразумела б я мову прыроды, мову наваколля, калі б не дала мне сваю мову маці?
2В. (юнак)
Ці пачуў бы я покліч жыцця ў пошуме дрэў, у птушыным шматгалоссі, калі б не знітавала мяне з жыццём матчына песня?
Гучыць песня “Бульбачка”
Ёсць у нас на Беларусі прымаўка такая,
І дарослы, і падлетак яе кожны знае:
Шукай дзеўку ў агародзе, а не ў карагодзе,–
Вось куды спаткаць дзяўчыну нашы хлопцы ходзяць.
Прыпеў:
Бульба, бульба, бульбачка,
Драная, пячоная.
Я дзяўчына– весялуха,
Ох, не заручоная!
І сядзела я на градцы, бульбачку палола,
І з надзеяй паглядала ўвесь час наўкола:
Ці не ходзяць побач хлопцы з думкаю адзінай,
Як пасватацца да дзеўкі, што сядзіць у нізіне.
Прыпеў:
Бульба, бульба, бульбачка,
Смажана і варана,
Праз цябе я, бульбачка,
Не мыта, не прыбраная.
Вечарам сабрала сілы і ў клуб завітала.
Як зайгралі там музыкі, польку заскакала.
З–пад абутку ва ўсе бокі іскры паляцелі,
То заўважылі і хлопцы, у сваты захацелі.
Прыпеў:
Бульба, бульба, бульбачка,
Выбачай мяне цяпер.
Завітаў ка мне ў сваты
Сам мясцовы інжынер.
1В.
Мова дае нам цудоўную магчымасць радавацца і смяяцца, выказваць свае думкі і пачуцці.
2В.
Як жа добра, што ў нас ёсць свая яркая, вобразная, прыгожая, мілагучная беларуская мова.
Вучань.
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў ў свет,
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
1В.
А яно, матчына слова, народнае слова , ёмістае, працоўнае. Паслухайце.
У нас бярозу не спілоўваюць,
А спускаюць.
Жанчын не любяць, а кахаюць.
Хлеб не рэжуць, а крояць…
Бачыш цяпер сама:
Ёсць розніца ці няма?
Хоць мова наша не царская,
Ды гас–па–дар–ская.
На сцэну выходзіць этнограф. Ён вітаецца і з цікавасцю глядзіць на ручнікі, разглядае абрус.

Этнограф. Добры дзень!
Жанчына. Добры дзень! Заходзьце, калі ласка.
Этнограф. Я этнограф, хаджу па вёсках і цікаўлюся народнай творчасцю. Як тут у вас прыгожа! А можна запытацца?
Жанчына. Пытайцеся.
Этнограф. Ваш абрус даматканы?
Жанчына. Як–як? Не разабралася, што сказалі мне.
Этнограф. Абрус ваш даматканы?
Жанчына. Ці дома, пытаецеся, тканы?
Этнограф. Ваш абрус і ручнікі вашы, пытаюся, даматканыя?
Жанчына. А–а–а, дома, чалавеча, сама я дома ткала. Ручнікі, праўда, ткала не ў хаце: было цёпла, дык мы кросны ў клеці ставілі, каб пылу менш было, каб у хаце лягчэй прыбіраць было. У мяне й дыванкі ёсць саматканыя.
Этнограф. Якая прыгажосць!
Жанчына. Вось і ручнікі мае саматканыя.
Этнограф. Якія прыгожыя колеры! І вы ўсё гэта самі ткалі?
Жанчына. Не, мне суседка дапамагала.
Этнограф. А вось гэта што такое?
Жанчына. Гэта макатка. Яе звычайна на сцяне вешаюць.
Этнограф. Ніколі такога не бачыў! А можна мне ўсё гэта лепей разгледзець?
Жанчына. Канешне, сядайце, калі ласка!
2В.
З даўніх часоў нашы людзі казалі–вучылі:
– Пераступіў парог, то знімі шапку, бо думаць будуць, што пад шапкай вераб’ёў хаваеш.
Не разбуры ластаўчына гняздо, бо рабы станеш, бо рабаценне абсядзе твар.
Не свішчы ў хаце, бо запустуе хата.
Калі зімой сабакі качаюцца на снезе, то будзе завіруха.
А ты, Жэня, ведаеш прыказкі ды прымаўкі?
1В. Чаму ж не, Антон, ведаю:
Без расы ноччу суха ды туманна ў нізіне – дзень прынясе непагадзь у карзіне.
Зоркі высыпалі ў ноч на Купалу – многа грыбоў будзе.

Многа ягад – да дрэннага ўраджаю жыта.
2В. А можа, хто з прысутных ведае прыказкі ды прымаўкі?
Вучаніца.
Я ведаю. Гусі ляцяць нізка – зіма ўжо блізка.

2В. Добра.
1В. З роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. І пачуццё роднай зямлі, якое неяк губляецца, калі ты жывеш на ёй, асабліва абвастраецца, калі апынаешся дзесьці далёка.
Вучаніца. (Дзяўчына прыехала з горада, у руках яе дарожная сумка)
Шмат пачуць давялося моў,
Шмат шукала для сэрца слоў.
Толькі лепшых не чула нідзе,
Як матуліны: “Добры дзень!”
Радасць стрэчы слязой прабяжыць…
Хіба многа – для гэтага жыць,
Хіба многа – вярнуцца зноў
Дзеля гэтых няхітрых слоў.

2В. Прамяніся ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова,
Матчына слова.
1В. Нізавошта не скажаш, ніколі
Лепш не выкажаш радасці, болю
У адзіным, адным толькі слове,
Як на мове маёй, роднай мове.

1 вучань. Тут і плёскат азёр,
2 вучань. Тут і гоман адвечнага бору,
3 вучань. Спеў салоўкі, куванне зязюлі,
4 вучань. Голас сэрца любімай матулі.
1В. О, матчына мова!
2В. Маленства вясна!
1В. Ніколі ніхто мне цябе не заменіць.
2В. Бо ты, як і маці, на свеце адна.
Падвядзенне вынікаў работы за тыдзень, узнагароджванне пераможцаў і актыўных удзельнікаў тыдня.



Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Сярэдняя школа №7 г.Ваўкавыска






Конкурс
“Людзі і творчасць”

Сурмінава А.А. – захавальніца гістарычнай спадчыны



Работу выканала
Сцельмашок Вольга Віктараўна,
вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы №7
г.Ваўкавыска
Гродзенскай вобласці,

Кіраўнік: Заморская Я.І.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Мэта: даследаваць творчасць А.А.Сурмінавай, асноўныя этапы і вынікі дзейнасці, паказаць уклад у мастацкую культуру Гродзеншчыны і Беларусі ў цэлым.
Задачы:
1) прасачыць  вытокі таленту  А.А.Сурмінавай;
2) ахарактарызаваць асноўныя творчыя поспехі і дасягненні;
3) акцэнтаваць увагу на сувязі працы майстра з гісторыяй беларускіх народных промыслаў Гродзеншчыны;
4) удасканальваць  камунікатыўныя ўменні, навыкі аперыравання  культуразнаўчай інфармацыяй;
5) садзейнічаць выхаванню пачуцця гонару і павагі да нацыянальнай культуры і тых людзей , якія  яе беражліва захоўваюць і ўзбагачаюць.

Ваўкавышчына… Наш слынны і маляўнічы куток, што мае тысячагадовую гісторыю, такі старажытны і такі малады, – і любоў, і гонар, і слава маіх землякоў.
Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкам васількоў, светлыя ад бяроз гаі. Гэта блакітныя рэкі,  азёры, чыстыя, як усмешка дзіцяці. Гэта людзі – працавітыя, адкрытыя, шчодрыя, творчыя, шчырыя і надзвычай таленавітыя.
Ала Аляксееўна Сурмінава – мастацкі кіраўнік узорнага тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, народны майстар па саломапляценні. У 2013 годзе ўдастоена прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Юныя прыгажуні тэатра пад яе мудрым кіраўніцтвам заваёўваюць сэрцы гледачоў ўсіх узростаў. Прыгажосць незвычайных убораў і прыгажосць дзявочая ствараюць такі гарманічны малюнак у дзеянні, што вочы нельга адарваць ад гэтага цуда. На пытанне “Чаму “Спадчына?” Ала Аляксееўна адказала:  “Усё ад нашых продкаў” – і натхнёна пачала расказваць, што ад бабуль, мамы і таты атрымала яна гэту бясцэнную “спадчыну”. Бабуля Марыя Іванаўна Варабей(па бацькавай лініі) была надзвычай запатрабаваным чалавекам у вёсцы Хамічы, што на Зэльвеншчыне, бо ніхто не ўмеў так па–майстэрску кідаць у нічальніцы, як яна. Даводзілася і ў Зенькаўцы, і ў Запруддзе хадзіць, каб закласці ў ткацкі станок непаўторны ўзор.
...

Высокі мастацкі густ, талент народнага майстра, індывідуальны падыход да кожнага ўдзельніка  спрыяюць дасягненню выдатных поспехаў у рабоце.
Сурмінава А. А. сваёй творчасцю сцвярджае сапраўднае прызначэнне чалавека на зямлі – берагчы, шанаваць, ахоўваць тое, што засталося нам у спадчыну, каб перадаць сваім нашчадкам. Зямля – не толькі прастора, дзе мы жывём, працуем, думаем, але і крыніца духоўнага багацця, месца, дзе віруе жыццё і просіцца прадоўжыць яго на стагоддзі.



Краязнаўчае падарожжа

“Твая зямля, твая Радзіма названа светла – Беларусь”
Мэта : выхоўваць у вучняў цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю, грамадзянскасць, пачуццё патрыятызму, гонару за Радзіму, знакамітых людзей нашай Бацькаўшчыны.
Абсталяванне: выстава кніг “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, карта Беларусі, камп’ютар, партрэты пісьменнікаў Беларусі.
Ход мерапрыемства
Уступнае слова настаўніка. ( на фоне музыкі “Жураўлі на Палессе ляцяць” А. Ставера)
Бацькаўшчына, Радзіма, родны край, родная старонка…. Такімі шчырымі, лагоднымі словамі называем мы родную зямлю, дзе нарадзіліся, выраслі, грамадзянамі якой сталі. Беларусь – гэта дівосны край. Яго краса апета ў песнях, услаўлена ў мастацкіх творах.
( дэманструюцца пейзажы Беларусі. На фоне чытаюцца радкі Ю.Свіркі)
Вядучы 1. Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына –
Жыццё тваё і гонар твой.
І ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару,
Твоя зямля, твая Радзіма
Названа светла
Беларусь.
Вядучы 2 . Размова ў нас сёння пра родны кут, пра зямлю бацькоў, дзе мы зрабілі першыя крокі.
Вучань 1. Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. І куды б нас ні закідаў лёс, ніколі не парвецца з ёй душэўная сувязь. Гэта зямля нашай роднай Беларусі, з яе чароўнымі куткамі прыроды, з ціхімі, павольнымі рэкамі, блакітнымі азёрамі, зялёнымі лугамі.
Вучань 2 . Беларускія краявіды…
Перазвоны азёр і бароў.
Над палеткамі бульбы і жыта
Песня велічных курганоў.
Гэта наша зямля дарагая,
Гэта нашы лугі і палі,
Над якімі спрадвеку лунае
Бусел – сімвал бяссмерця зямлі.
А. Грачанікаў
Вядучы 1. Беларусь… Адкуль такая назва?
Вучань 3. Назва Беларусь (Белая Русь) вядома была ў нашым краі з далёкай старажытнасці. Узнікла яна, відаць, як абазначэнне часткі тэрыторыі старажытнай Русі. Белая Русь ужываецца як назва нейкай тэрыторыі, суседняй з Літвой, у летапісе 1315 года без тлумачэнняў, што ўказвае на яе шырокую вядомасць тады.
Дакладных звестак адносна яе ўзнікнення і першапачатковага пашырэння няма. Таму існуе шэраг розных меркаванняў па гэтых пытаннях.
Вучань 4. Многія схільны думаць, што Белая Русь была першапачатковай назвай аднаго з княстваў старажытнай Русі, магчыма, яшчэ напярэдадні аб’яднання ўсходніх славян у адзіную дзяржаву. Падобныя назвы былі пашыраны тады і пазней, у часы феадальнага драблення, напрыклад, Кіеўская Русь, Наўгародская Русь, Чэрвеная Русь, Маскоўская Русь і г.д. Але звычайна яны ўтвараліся ад назваў княжацкіх цэнтраў – старажытных гарадоў (Кіеў, Ноўгарад, Чэрвен–горад, Масква). Падобным чынам назву Белая Русь вытлумачыць немагчыма.
Найбольш верагодныя дзве думкі.
Вучань 5. У межах сучаснай Беларусі, акрамя Белай Русі, з далёкіх часоў вядома таксама назва Чорная Русь у дачыненні да заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Лічаць, што абедзве яны нейкім чынам блізкія паміж сабой. Але збліжаюць іх па–рознаму.
Ёсць думка, што Белая і Чорная Русь непасрэдна звязаны з назвамі вадаёмаў тыпу Белае возера, Чорнае возера або невялікіх рэчак. Інакш кажучы, Белая Русь – гэта Русь, якая “сядзела” на белай (чыстай, празрыстай) вадзе, а Чорная Русь – чорнай ( цёмнай).
Вучань 6. Паводле другой думкі, такія назвы замацаваліся за мясцовым насельніцтвам у сувязі з асаблівасцю адзення. Адны аддавалі перавагу нефарбаванай палатнянай тканіне, белай, а другія яе фарбавалі ў цёмны колер у балотнай рудзе.
Звязваюць таксама назвы Белая і Чорная Русь са становішчам насельніцтва. Заходнія землі, Чорная Русь, раней падпалі пад уладарніцтва літоўскіх князёў, сталі іх паднявольнымі, чорнымі людзьмі, а ўсходнія былі свабоднымі, незахопленымі. Але пераканальныя доказы, што такія землі маглі атрымаць назву белыя, прывесці цяжка. Такое тлумачэнне блізкае да таго, што пісаў з поваду назвы Беларусі Ф.Багушэвіч. “Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая”. Добразычлівасць і любоў да роднай Буларусі выказаны вельмі добра, але пераканальнасці ў яго тлумачэнні, як і ў папярэднім, мала.
Зразумела, што ў мінулым назва Белая Русь адносілася толькі да часткі тэрыторыі, на якой складаўся беларускі народ. У канцы 19 стагоддзя назва Беларусь робіцца нацыянальным іменем нашай радзімы, пашыраецца ва ўжытку і выцясняе іншыя назвы (Северо-Западный край, Чорная Русь, Літва, Крывія і пад.)
Вядучы 1. Умоўна Беларусь дзеляць на 5 вялікіх раёнаў.
Азёрны край – гэта самая поўнач рэспублікі .
Вядучы 2. Цэнтр прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.
Вядучы 1. Поўдзень , або Палессе.
Вядучы 2. Панямонне заходнія раёны на берагах Нёмана.
Вядучы 1. Як адміністратыўна–тэрытарыяльная адзінка Беларусі Гродзенская вобласць існуе з 20 верасня 1944 года. Да гэтага Панямонне ўваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці.
Зараз ў Гродзенскай вобласці 17 сельскіх і 2 гарадскія раёны.
На тэрыторыі вобласці знаходзяцца 4375 населеных пунктаў.
Вучань 7. Ты мячамі і кулямі хрышчана,
Тут чужынцы касцьмі паляглі,
Ваўкавышчына, Ваўкавышчына,
Слаўны кут беларускай зямлі.
Так пранікнёна, хораша і трапна пісаў пра дарагія мясціны наш зямляк Сяргей Бандарэнка.
Вучань 8. І сапраўды, шчодрая на ўраджаі наша зямля, дзе штогод клоняцца долу важкія каласы і наліваюцца сокам залацістыя яблыкі, зведала на сваім вяку шмат выпрабаванняў.
Вучань 9. Менавіта ў пераадоленні іх мужнелі і духоўна вырасталі продкі, раслі, прыгажэлі і добраўпарадкаваліся вёскі і мястэчкі Выўкавышчыны.
Вучань 10 . Па мясцінах памятных прайдуся,
Дзе шапоча казкі вецярок.
Я тваёю доляй ганаруся,
Ваўкавыск – мой слаўны гарадок.
Абыду вакол твае абшары –
Ты мне любы зблізку і здалёк,
Над табой лунаюць песні–мары,
Ваўкавыск – рабочы гарадок.
(дэманстрацыя відаў Выўкавыска)
Вучань 11. Край любы мой, добры, даверлівы
Ліст кляновы ў далонях зямлі.
Ты надзеяй жывеш і павер’ямі,
Хоць вякі над табою сплылі.
Вочы сінія, неба высокае
Адбіваецца ў люстры азёр,
У бары песня з ветрам галёкае,
Голас выраю – нібы дакор.
Адгукаецца ў сэрцы мелодыя :
Дзве струны – жураўліны клін.
Той, кто мовай зямлі валодае,
Толькі той яе верны сын.
Вядучы 2. Давайце ўспомнім імёны і прозвішчы паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, якія нарадзіліся ў розных куточках нашай краіны, з сыноўняй любоўю спявалі ёй сваю песню.
Выступленне вучняў–літаратуразнаўцаў
Вучань 1.
Мінская вобласць
Максім Багдановіч, Ніл Гілевіч, Генрых
Далідовіч, Якуб Колас, Янка Купала
Вучань 2.
Гродзенская вобласць
Цётка, Ян Чачот
Вучань 1.
Гомельская вобласць
Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Віктар Казько, Андрэй Макаёнак
Вучань 2.
Віцебская вобласць
Францыск Скарына, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Аляксей Дудараў
Вучань 1.
Магілёўская вобласць
Максім Гарэцкі, Леанід Дайнека, Віктар Карамазаў, Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў
Вучань 2.
Брэсцкая вобласць
Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц
Вядучы 1. Наша падарожжа заканчваецца. Вашай увазе прапануем пытанні віктарыны
1) Якая рака мае найбольшую прыцягласць па Беларусі? ( Днепр)
2) Найвышэйшая мясціна Беларусі ( г. Дзяржынская, 345 м)
3) Якая вобласць Беларусі мяжуе з трыма замежнымі дзяржавамі? ( Віцебская)
4) Якая вобласць Беларусі мяжуе з усімі абласцямі ? ( Мінская)
5) Насельніцтва Беларусі? ( 9,5 млн.чал.)
6) Плошча Беларусі? ( 207,6 тыс.кв.км)
7) Працягласць Дзяржаўнай мяжы? ( 2696 км)
8) У 1964 годзе ўпершыню было ў Беларусі адкрыта чорнае золата. Што гэта? ( Нафта)
Вядучы 2. Складаем сінквейн са славамі Беларусь, Радзіма, краіна
1) 1 слова   Беларусь
2) 2 слова   Светлая, прыгожая
3) 3 слова   Люблю, шаную, берагу
4) 4 слова   Я ганаруся сваёй краінай
5) 5 слова   Радзіма
Падвядзенне вынікаў падарожжа.
Гучыць песня “Спадчына” на словы Янкі Купалы ў выкананні ансамбля “Песняры”.


 Вусны часопіс
Рыцар сумлення і свабоды
( да 85– ай гадавіны з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча )
Мэта: дапамагчы вучням асэнсаваць шматграннасць асобы і таленту У.Караткевіча; выклікаць цікавасць да жыцця і творчасці пісьменніка, пазнаёміць з фактамі, якія спрыялі развіццю яго таленту, выявіць тэматычнае багацце яго спадчыны, садзейнічаць узбагачэнню духоўнага свету вучняў, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці.
Афармленне залы: на стале партрэт У.Караткевіча і ваза з жывапіснымі каласамі. Аформлена выстава кніг У. Караткевіча. Змешчаны цытаты з твораў У.Караткевіча:” Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць і вартым быць яго”, “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе. Хто забыў сваю мову – усё згубіў”.
Абсталяванне: падрыхтаваная вучнямі прэзентацыя “Быў. Ёсць. Буду.”
Ход мерапрыемства
Гучыць вальс У. Солтана з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” і сціхае.
Вядучы.
Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы
Не сябе шанаваў, не сабой даражыў
Са стагоддзяў ён нёс, нібы ў з чорнае пушчы,
Кветку матчынай чыстай душы …
Вядучая.
Чарадзей легендарнае волі і сілы,
Ён чароўную кветку, як вока, бярог.
Смерць раптоўна, як колас, пад корань скасіла,
Ён як колас – яе перамог.
Вядучы.
Сённяшняя наша сустрэча прысвечана 85– ай гадавіне з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Вельмі рана пайшоў ад нас гэты цудоўны чалавек, асоба з вялікай літары, празаік, паэт, драматург, публіцыст, а яшчэ філосаф, гісторык, сцэнарыст, рамантык, казачнік, педагог.Ён пакінуў кнігі і ўсё, што напрацаваў за свой кароткі век. Але па кнігах век гэты доўжыцца і паступова перайшоў у новае тысячагоддзе.
Вядучая
Інтэлігент не ў першым пакаленні, ён ганарыўся сваім беларускім паходжаннем. Ганарыўся гісторыяй свайго народа. Усім сэрцам любіў ён “зямлю пад белымі крыламі буслоў”, бо яна адзіная, дадзеная Богам, і чалавек не мае права калечыць яе.
Вядучы А яшчэ ў чалавека павінна быць вера і мова, таксама дадзеная Богам, таксама святая.
“На Беларусі Бог жыве”,
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Вядучая.
Першая старонка нашага часопіса называецца ”Зямля бацькоў – зямля святая”. Яна прысвечана адметным падзеям у жыцці Уладзіміра Караткевіча.
Вучань 1.
Нарадзіўся У. Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў г. Орша ў сям’і інтэлігентаў. У аўтабіяграфіі Уладзімір Сямёнавіч пісаў: “У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што на апошняй, вайне), старэйшая сястра і я.”
Вучань 2. Сямейнае асяроддзе, духоўная атмасфера былі вельмі спрыяльнымі для развіцця будучага пісьменніка. “ Сям’я, – як успамінае сястра Наталля, – была вельмі спакойная. Мы, дзеці, ніколі не чулі, каб бацькі сварыліся. Да нас яны заўсёды ставіліся чула і разумна. Калі цяпер чую ці чытаю пра Валодзеву дабрыню, сардэчнасць, павагу да людзей, думаю, што гэта ўсё вынік выхавання ў сям’і. Талент ад Бога, а ўсё астатняе – ад маці і бацькі. А што тычыцца цікавасці да гісторыі, дык яна напэўна перадалася ад дзеда Васіля Юльянавіча…”
Вучань 3. Дзед Уладзіміра Караткевіча, бацька Надзеі Васільеўны, быў неардынарнай, выключнай асобай. Гэта менавіта ён, на думку Наталлі Кручкоўскай, даў Валодзю ўрок натуральнай беларускасці, бо маці…па беларуску не гаварыла. Лічыла, што недастаткова ведае мову. Бацька больш карыстаўся дыялектам. А сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы. Ад яго будучы пісьменнік пачуў многа легенд, казак.Сын расстралянага паўстанца, ён перадаў унуку пачуццё патрыятызму, гонару, годнасці, характэрныя іхняму роду.
Вучань 4.  Як толь кі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
З яе няяркай красой,
З бярозамі над Аршыцай
З вясёлым сонейкам мая,
З блакітам першых пралесак
У косах каханай маёй.
Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненні, жаданні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём.
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, напэўна,
Нават з маім жыццём.
Вучань 5. Даволі бесклапотнае і шчаслівае дзяцінства Валодзі Караткевіча было перарвана вайной. У гэты час хлопчык знаходзіўся ў Маскве, куды ён прыехаў у госці да сястры, якая там вучылася. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Трапіў на Разаншчыну, потым на Урал. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Яго затрымлівалі, вярталі назад. З вялікімі цяжкасцямі дабраўся да бацькоў у Арэнбург, скончыў там шосты клас. Потым трапіў у вызвалены Кіеў, жыў у цёткі. У 1944 г. разам з бацькамі вярнуўся ў Оршу. Вучыўся ў школе, як і многія аднагодкі, пісаў вершы і змяшчаў у школьным рукапісным часопісе “Званочак”. Яго школьны сябар расказваў, што “ ў чатырнаццаць гадоў У. Караткевіч меў энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі. У гэты час, калі бібліятэкі былі амаль што пустыя(1945 г.), мы маглі атрымаць усе неабходныя даведкі ў яго. Гэта ў сучаснай школе больш за ўсё паважаюць спартсменаў, а ў першай аршанскай перавага аддавалася ведам.”
Вучань 6. Любоў да літаратуры прывяла У. Караткевіча на філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Гады вучобы ў Кіеве аказалі значны ўплыў на фарміраванне будучага мастака слова. Па – першае, яго захапленне самім горадам, украінскай культурай, помнікамі старажытнасці яшчэ больш разбудзіла ў ім беларуса, дапамагло вастрэй адчуць, што і Беларусь багатая на спадчыну. Па – другое, ён зразумеў, што трэба дасканала ведаць гісторыю сваёй бацькаўшчыны… Пазней У. Караткевіч прызнаваўся, што каб ад яго залежала, то кожнага вучня, пачынаючы з дзявятага класа, ён пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб той адчуў тугу па сваім краі, каб рос патрыётам.
Вядучы.
Другая старонка нашага вуснага часопіса прысвечана Караткевічу – паэту і гучыць так: “ Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз ”.
Вучань 7. Упершыню імя У. Караткевіча з’явілася ў друку ў 1955 годзе пад вершам “ Машэка “, змешчаным у часопісе “ Полымя “. А ўжо ў 1958 годзе выйшаў у свет першы зборнік паэта “Матчына душа”. Адразу стала зразумела, што ў беларускай літаратуры з’явіўся таленавіты мастак слова са сваім бачаннем навакольнага жыцця, з новымі тэмамі , адметнымі вобразамі.
Вучань 8. Верш “ Матчына душа “, які даў назву ўсяму зборніку Уладзіміра Караткевіча, – своеасабліва выказанае крэда маладога паэта, ключ да разумення яго пошукаў, цэласнасці зместу самога зборніка, мэтанакіраванасці паэзіі У.Караткевіча наогул . Цэнтральны вобраз гэтага рамантычнага верша – легендарная “матчына кветка”, пялёсткі якой то ціха “ спяваюць” паэту, і вакол яго ўстаюць “ чарадою ўсе паданні роднай зямлі “ – далёкае мінулае Беларусі, то “гучыць трывожна”, і тады ўспамінае паэт:
Безыменныя ў лесе магілы,
І няволі цяжкі палон,
Волі нашай крывавыя роды,
Катаванні і здзек варагоў,
Барацьбу і пакуты народа,
Неўміручую душу яго,
І паўстанні, паўстанні бясконцыя,
І замучаных кроў на раллі,
І, нарэшце, шчасце і сонца,
Што сышло на нашы палі.
 “ Матчына кветка” навявае паэту думы аб лёсе роднай зямлі, сваімі казкамі, песнямі, паданнямі раскрывае яму душу народа, “ матчыну душу”, як называе яе паэт.
Вучань 9.  Аб роднай зямлі – яе мінулым, сучасным, будучым, аб лёсе , красе, мужнасці, мудрасці, высакароднасці яе народа, – аб усім гэтым хоча пісаць паэт, сэрца яго гарыць жаданнем:
Запісаць старыя паданні,
Ўсё, што думаў і што жадаў
Пераліць на свае аркушы
Казку мудрую, простую песню,
Кветку матчынай чыстай душы.
І адсюль прыходзяць у яго паэзію былінныя матывы, эпічны подых фальклору, тэмы гістарычныя, гісторыка – літаратурныя.
Вучань 10. Сучаснае ж, у большасці выпадкаў, паэтызуецца Караткевічам у плане лірычным, у сувязі з думамі і пачуццямі лірычнага героя, за якімі ўгадваецца сам аўтар. Прычым апяванне любові да роднай зямлі вылучаецца як адна з вядучых лірычных тэм зборніка.
Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
Такі лейтматыў добрай трэці вершаў кнігіІ якіх толькі слоў не знаходзіць паэт, апяваючы Радзіму! Яна ўстае перад ім як успамін дзяцінства. Яна развейвае сум па адыходзячым юнацтве, па адцвіўшым каханні. Раскрываючы драматызм нераздзеленага кахання, паэт знаходзіць у ім і камічнае, і велічнае, застаючыся заўсёды арыгінальным і цікавым.
Інсцэніроўка верша У. Караткевіча “ Калі Стажары ў небе заззялі “.
Юнак.
Як Стажары ў небе заззялі,
І ў сяле падаілі кароў,
І з палёгкай палі ўздыхалі, –
Я пад вокны твае прыйшоў.
Ты з хітрынкай сказала, мілая,
Прыкрываючы шыю касой:
Дзяўчына.
“ Маці спіць. Я таксама стамілася.
Дарагі, прыходзь раніцой.”
Юнак.
“ Ты казала так цёпла і ветліва,
Я кахаў цябе так даўно…
Я паверыў і раніцай светлай
Пад тваё прыцягнуўся акно.
Зноў з хітрынкаю ты сказала:
Дзяўчына.
“ Бач, каровы ідуць на лугі.
Бачыш, маці толькі ўстала.
Ўдзень прыходзь да мяне , дарагі.”
Юнак.
Я чакаў паўдзённай часіны.
З неба сонечны пёк агонь.
Я драмаў у хмызах тры гадзіны
На нагах, як стомлены конь.
Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,
Калі зноў я прыйшоў да сяла
І… нікога не стрэў каля хаты,
Бо каханая ў полі была.
Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі
На даўжэзную постаць маю,
Калі вечарам шэрым і мяккім
Я прыйшоў на сядзібу тваю.
Усміхнулася:
Дзяўчына.
“ Нельга вечарам,
Нас заўважаць суседзі ў садках.
Любы мой, Дарагі, недарэчны,
Ноч наперадзе. Зоры ў вачах.”
Юнак.
Уначы я свіснуў ля хаты,
І з’явіўся цень у акне:
Дзяўчына.
“ Я заснула ад стомы праклятай.
Не шкадуеш, будзіш мяне.
Ну і д – добрым ты будзеш мужам…
Не. На вуліцы травы з расой…
Што ты, што ты! Маці нядужая…
Дарагі, прыходзь раніцой.”
Юнак.
Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!
Вучань 11. Уладзімір Караткевіч адклікаўся ў сваіх творах на розныя праявы жыцця. Гэта знайшло адлюстраванне ў зборніках “ Вячэрнія ветразі “, “ Мая Іліяда “, “ Быў. Ёсць. Буду “, якія былі з цікавасцю сустрэты чытачамі.
Вядучая. Адной з прыкметных і значных была тэма гістарычнага мінулага. Увагу аўтара асабліва прыцягвала паўстанне 1863 года, мужная і драматычная постаць яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага.
Вучань 12. Расправу царскіх улад з Кастусём Каліноўскім Караткевіч успрымаў як асабістую і нацыянальную трагедыю. Па сведчанні сяброў паэта, галоўнае месца на яго пісьмовым стале займаў велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага, а поруч з ім стаяў каваны ў жалезе свяцільнік, нібы агромністая кропля крыві, чырванеў у ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальваў свяцільнік только раз у год – 21 сакавіка, у гадавіну трагічнай смерці Кастуся Каліноўскага. Гэты свяцільнік запаліў Уладзімір Караткевіч і 16 снежня 1977 года, калі памерла яго маці – Надзея Васільеўна.
Вядучы.У пачатку 1960–х гадоў аўтар “Матчынай душы” толькі падыходзіў да асэнсавання постаці Кастуся Каліноўскага. Першая спроба была зроблена ў вершы “Нявесце Каліноўскага”.
Вучань 13 чытае верш “Нявесце Каліноўскага”.
Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта радзіму любіў.
Варты лепшага ў свеце кахання,
Рана скончыўшы мужны палёт,
Русы хлопец золкім світаннем
На высокі ўзышоў эшафот.
Плач людскі барабаны крыюць,
І ад пошчаку глухне зямля.
На высокую гордую шыю
Успаўзае змяёю пятля.
З плачам жоравы пралятаюць.
Курганы і магільны жвір,
Непалітая ніва святая,
Плач жанчын, эшафот і Сібір.
Нікні гожаю галавою,
Па нязнанай страце ўздыхай.
Дарагая, ты стала ўдавою,
Не пабачыўшы жаніха.
Вашы кветкі ў лугах завялі,
Месяц марна згарэў над ракой,
Ты чакала яго, а стала
І нявестай і жонкай чужой.
І чамусьці ў сэрцы, як рану,
Я нясу твой нязбыты лёс,
Не даруючы ўсім тыранам
Не пралітых табою слёз.

Вядучы. Назва трэцяй старнокі часопіса
“ Ёсць замест прыватнай неўміручасці
Бессмяротнасць нацыі тваёй”.
Яна прысвечана Караткевічу – празаіку , Караткевічу – драматургу.
Адкрываем гэту старонку словамі Рыгора Барадуліна пра У. Караткевіча.
Вучань14.
“Любая літаратура можа сказаць, што яна багатая і сталая, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча. Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказваў узор служэння Радзіме, Народу, Мове. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў Ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае па–беларуску шчырыя і па–караткевічаўску рамантычна–незамутненыя, ранішнія. Кнігі Твае чыталіся, чытаюцца і будуць чытацца, бо яны напісаны як бы навырост. Тыя, хто прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам як Тваім сучаснікам, Тваім першачытачам. Ты стварыў у літаратуры нашу гісторыю, стварыў нанова нашае мінулае. З Тваёй лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва.”
Вядучы.
“Варты жалю той, хто не ведае таго дня і таму не можа разабрацца ў сёняшнім і прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ”, – так сцвярджае вуснамі Віктара Каліноўскага аўтар рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Яго шчырая грамадзянская пазіцыя выражана ў запамінальных вобразах яго герояў.
Вучні прадстаўляюць літаратурных герояў з твораў У. Караткевіча.
А н д р э й Б е л а р э ц к і. (“Дзікае паляванне караля Стаха”). “І паўсюль я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які – я зараз ведаю гэта – у мяне не было нічога на свеце”.
П я т р о к Я с ю к е в і ч (“Сіняя–сіняя”). “Зямля–зямля! З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай. Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая ў свеце”.
А н т о н К о с м і ч (“Чорны замак Альшанскі”). “Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў”.
А н д р э й Г р ы н к е в і ч (“Нельга забыць”). “Не, продкі не адышлі. Яны тут і заўжды будуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхняя радасць і боль. Яны расквітаюць усмешкай на нашых вуснах, і іхняя журба – гэта наша журба.
…Продкі мае любыя, мір вам.
…Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня”.
А л е с ь З а г о р с к і (“Каласы пад сярпом тваім”). “Радзіма мне даражэй за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дрыгнуць нагою ды сказаць: “Я тут праездам”. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці”.
С е в я р ы н (“Чазенія”). “Хай коратка, але жыць. Заваёўваць магчымасць вышэйшай дабраты, жыцця дзеля іншых, а не адбіраць у іх магчамасці гэтага жыцця. Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні”.
Ю р а с ь Б р а т ч ы к (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні). “Раз ўжо я зявіўся на зямлю – я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць Чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе пэўна ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду…”.
Вядучая.
У свой час В. Быкаў напісаў: “Лепшыя з твораў У. Караткевіча, безумоўна, надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісать горш, а, магчыма, і лепш, але напісаць так, я гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім сваеасаблівым светам нараджаюцца не часта”.
Вядучы.Уладзімір Караткевіч напісаў апавяданні “Былі у мяне мядзведзі”, “Кніганошы”, “Сіняя–сіняя”, “Вока Тайфуна”, “Барвяны шчыт”, “Дрэва вечнасці” і інш.
Вядучая. Яго пяру належаць казкі “Лебядзіны скіт”, “Чортаў скарб”, “Нямоглы бацька”, “Касцёл з каменьчыкамі”, “Верабей, сава і птушыны суд”, “Вясна ўвосень”, “Жабкі і Чарапаха”, “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”. Гэта тыя творы, якія былі напісаны Караткевічам для дзяцей.
Вядучы.
А цяпер вашай увазе прапануецца інсцэніроўка казкі “Лебядзіны скіт”.
Інсцэніроўка казкі “Лебядзіны скіт”
Казачнік. Даўным–даўно дзень аднойчы ўзышоў не ў сонечным святле, а ў зарыве пажараў… Гэта рознапляменныя орды ўладара Батыя пайшлі навалай і на рускую зямлю. Ішлі, бразгаючы зброяй, кумыцкія коні, ехалі ў чорных даспехах цемнікі перад радамі татарскіх палкоў… а ззаду іх валакліся фурманкі з нарабаваным дабром і белавалосымі паланянкамі. Наперадзе яны сустракалі зялёныя палі, хаты ў садах, а ззаду кідалі толькі чорную пустэчу, па якой як жадаў хадзіў вецер, узнімаючы слупы попелу. І была абдзёрта зямля балотнай Русі ўшчэнт.
І калі яны вярталіся назад – коням іхнім не хапала корму, і шмат якія падалі, і хан разаслаў у розныя бакі сваіх нукераў, каб пашукалі яны пашы для жывёл. Трое не знайшлі нічога, а чацвёрты сказаў, что ён бачыў на поўдзень возера і лясы вакол яго і зялёныя лугі. І толькі стаўшы там, пабачылі на беразе возера скіт, змётаны з шэрых бярвёнаў, ля якога завіхаўся нейкі старац.
Выходзяць Хан, Юсуфі, Старац.
Хан. Што скажаш, дзікун?
Старац. Мусіць, гэта канец свету прыходзіць, что такі твар бачу я.
Хан. Так, я, хан Бату, нясу на зямлю смерць, і хіба вам, лягушатнікам, змагацца са мною. Калі хто паспрабуе – я знішчу яго. Калі хто не гнецца перада мною, я раблю яму хрыбет мяккім, падзяліўшы яго на дзве паловы. Літасціва гэта?
Юсуфі. Калі ўспыхнуў – згарыш, калі нарадзіўся – памрэш. Куды падзенуцца тады, хан, твае скарбы? Што ты возьмеш з сабою і што пакінеш на зямлі, акрамя гары чарапоў?
Хан. А што пакінеш ты, слімак?
Юсуфі. Песню. Гэта лепшая спадчына – сумленная песня. Зараз яны пяюць хвалу табе, заўтра – іншаму, а яшчэ праз пяцьсот год, а можа, і раней, люд будзе клясці цябе за тое, што ты вёў яго гэтым шляхам, поўным крыві і стогнаў.
Хан. Народ – гэта статак, у якім кожная жывёла думае толькі аб тым, каб есці другіх і не быць зедзеным. Глядзі, гэтых людзей мы пабралі ў палон, і яны хутка забудуць мову сваю і сваю зямлю. Яны памерлі ўжо.
Юсуфі. Не, яны яшчэ не нарадзіліся.
Хан. І не народзяцца ніколі, бо мы павалачэм іх у свой стэп, як павук муху, і дзеці іх памруць рабамі.
Юсуфі (са смехам). Хан, ты не ўласны гэтага зрабіць. Хібы ты забыў старую прыказку : “ Дзіцёнак нараджаецца ад маці, а памірае за народ”.
Хан. Паспрабуем? Вось стаіць чалавек, які не прарок і не цудатворац. Спытаемся ў яго, што яму болей даспадобы : развешаць вантробы свае па гэтых ялінах і выратаваць сваіх людзей альбо наадварот. (Старцу). Я падарую жыццё вашым людзям у абмен на тваё. Згодны?
Старац. Калі ты сапраўды пусціш гэтых людзей – я гатовы да смерці.
Хан. Чаму “сапраўды”? Хіба я зусім не маю чэсці.
Старац. А хіба мае яе воўк, які забраўся ў статак? Ты не маеш чэсці, бо не верыш ва ўласную сілу.
Хан ( пачарнеўшы ад злосці). Добра. Чаму ты згаджаешся на смерць?
Старац. Я ўсё жыццё рабіў тое, что трэба, і хачу хоць смерцю саслужыць на карысць сваёй зямлі. Я моцна жадаю гэтага, а калі моцна жадаеш – усё будзе па–твойму.
Вядучы.
Апошняя старонка нашага часопіса “І не знікаць паэтам вечна”.
Вучань 16.У жыцці У.Караткевіча было ўсё : творчыя ўзлёты і дэпрэсія, радасці і пакуты.
Балючым ударам для яго стала смерць маці. Нечакана захварэла і хутка пайшла з жыцця жонка. Усё гэта абвастрыла праблемы са здароўем пісьменніка.
Вучань 17.Акрыяўшы пасля бальніцы, У.Караткевіч разам з фотажурналістам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым адправіўся на плыце ў падарожжа па Прыпяці. Караткевіч адчуваў нядобрае, але развітацца з жыццём вырашыў на Палессі, якое ведаў, любіў, абараняў, нібы адчуваў, што ў хуткім часе і яго пасцігне бяда. На Прыпяці У.Караткевічу стала дрэнна. На машыне прывезлі ў Мінск. 25 ліпеня 1984 года яго не стала.
Гучыць мелодыя паланеза М.К. Агінскага “Развітанне з Радзімай”
Вучань 18. Ён паехаў на Прыпяць памерці,
Там у чоўне, як ліст ў канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён на Прыпяці плыў, як па Леце,
І была яго боскай дарога.
Вучань 19. Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сцяг па–над вежай старою.
Вучань 20. Апошні прытулак У.Караткевіч знайшоў на Усходніх могілках у Мінску. У адпаведнасці з яго апошняй воляй над магілай узнёсся сціплы і велічны палявы камень. Скульптар А.А. Анікейчык захаваў яго натуральную прыгажосць, аздобіўшы толькі бронзавым аўтографам пісьменніка і бронзавым калоссем.
Гучыць музыка.
Вядучы. У мяне ў руках кніга нарысаў У. Караткевіча “ Зямля пад белымі крыламі”. Нібы наказ, нібы запавет, гучаць радкі з гэтай кнігі, звернутыя, здаецца, да кожнага з нас. “ Вы маладыя. …Вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай, няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. … Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. … І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.
Вядучая. “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай нам не дадзена, ды й непатрэбна.
Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі, – буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы.
Бывайце ж шчаслівы і вы.
Вучань 21. Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым – адзіна верны шчыт.
І не знікаць паэтам вечна,
У вечнай песні жывучы.
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы све т мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры,
Свет мяне паўторыць…
Ну, а не свет,
Дык Беларусь. –
Мне досыць…






Комментариев нет:

Отправить комментарий